Дзяржаўная ўстанова культуры «Гісторыка-мемарыяльны музей „Сядзіба Нямцэвічаў“»

Сядзібна-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя ў в. Скокі Брэсцкага раёна — помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва «французскага» стылю, адзін з нямногіх цудам захаваных помнікаў далёкага мінулага. Урсын Нямцэвічы — вядомы род перш за ўсё для Брэстчыны. Для гэтага дастаткова ўспомніць шэраг імёнаў.

Станіслаў Урсын Нямцэвіч (IX генерацыя), больш за дзесяць гадоў маршалак шляхты Гарадзенскай губерні, генерал-маёр, ў 1816 годзе стаў губернатарам г. Гродна. Ян Урсын Нямцэвіч (XI генерацыя), вядомы пад імем Ян Цітус — каля дваццаці гадоў займаў пасаду маршалка шляхты Гарадзенскай губерні. Ян Цітус з'яўляецца заснавальнікам вядомага як у Расійскай імперыі, так і за яе межамі конезавода («Усерасійскае Дэрбі» — перамога 1912 года). Ян Урсын Нямцэвіч (XII генерацыя) з 1921 года, калі быў прэзідэнтам Брэста, аднаўляў горад пасля яго поўнага разбурэння падчас Першай сусветнай і савецка-польскай войн.

Самы вядомы з роду — Юльян Урсын Нямцэвіч (16.02.1758 д.н.), пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. У шэрагу сваіх мемуараў апісаў падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Брэстчыны ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў.

З сядзібай звязана шмат цікавых гістарычных падзей, вядомых асоб, якія ў свой час наведвалі сям'ю Нямцэвічаў. Тут праходзілі сустрэчы з Янам Флемінгам, князямі Чартарыйскімі і Шуйскімі. Па запрашэнні Яна Цітуса гасцяваў ў 1890 годзе падчас ваенных манеўраў расійскі імператар Аляксандр III. Бываў тут і знакаміты кампазітар, мастак Напалеон Орда, аўтар гравюры з выявай сядзібы.

Падчас I-ой сусветнай вайны амаль на два гады сядзіба стала стаўкай камандуючага Усходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда, у якой 15 снежня 1917 г. было падпісана ваеннае перамір'е, а праз два дні першае арганізацыйнае пасяджэнне па правядзенні перамоваў аб заключэнні міру, які быў падпісаны 3 сакавіка 1918 г. у Брэсцкай крэпасці, у Белым палацы.

Сёння гэта інтэр'ерны музей, які паказвае жыццё, побыт, адпачынак досыць забяспечанай шляхты XVII — пачатку XX стагоддзя. Тут можна паглядзець інтэр'еры гасцінай, бальнай залы, збраёўні, спальні, гульнявой і інш. Музей набывае папулярнасць і дзякуючы мерапрыемствам, якія атрымалі вядомасць у вобласці і рэспубліцы. Сярод найбольш цікавых і відовішчных: Скокаўскія балі (студзень, травень, кастрычнік); ваенна-гістарычны фестываль (снежань), прысвечаны тэме Першай сусветнай вайны.